ДАСЛЕДЧЫЯ ЦЭНТРЫ:
Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча ствараецца як прастора, дзе даследаванні становяцца асновай адукацыі і развіцця акадэмічнай супольнасці. Універсітэт мае выразную даследчую місію: не толькі перадаваць веды, але і генераваць іх, адказваючы на актуальныя выклікі часу.
Каб забяспечыць глыбіню і якасць даследаванняў, у структуры ўніверсітэта будуць развівацца спецыялізаваныя даследчыя цэнтры. Яны аб’яднаюць беларускіх і міжнародных экспертаў, вучоных і маладых даследчыкаў, ствараючы асяроддзе для аналітыкі, міждысцыплінарных праектаў і абмеркавання найважнейшых тэм у галіне сацыяльных і гуманітарных навук.
Цэнтры адкрытыя для супрацоўніцтва з арганізацыямі, бізнесам і медыя: тут можна замовіць даследаванне, атрымаць экспертную кансультацыю, далучыцца да сумесных ініцыятыў.
Стварэнне сеткі цэнтраў — гэта стратэгічны крок на шляху да ўмацавання беларускай навукі і інтэграцыі яе ў еўрапейскую і сусветную даследчую прастору.
Кожны цэнтр мае сваю спецыфіку і акадэмічную факусаванасць, але разам яны фармуюць адзіную сістэму, якая працуе для Беларусі і з Беларуссю.
Цэнтр даследаванняў адукацыі
Кароткая форма: Цэнтр адукацыі
Заснавальніца і публічная прадстаўніца Цэнтра – Марына Сакалова, кандыдатка гістарычных навук, сузаснавальніца і сяброўка Рады Беларускай асацыяцыі адукацыі і навукі.
Цэнтр даследаванняў адукацыі Універсітэта Валовіча інтэгруе падыходы з розных сфер ведаў: педагогікі, філасофіі, сацыялогіі, псіхалогіі, паліталогіі, эканомікі, права, гісторыі і тэхналогій. Асноўны фокус дзейнасці – аналіз сістэмных умоў доступу да адукацыі, яе якасці і справядлівасці.
Даследчыя і адукацыйныя напрамкі
- Крытычныя даследаванні адукацыі – адукацыя як палітычны і сацыяльны феномен, падтрымка педагогаў як суб’ектаў сацыяльных перамен.
- Адукацыйная палітыка і кіраванне – альтэрнатыўныя палітыкі, заснаваныя на дэмакратычных каштоўнасцях; супрацоўніцтва з міжнароднымі арганізацыямі.
- Адукацыя і тэхналогіі – крытычны аналіз лічбавай трансфармацыі і выкарыстання штучнага інтэлекту ў адукацыі, развіццё медыя- і IT-пісьменнасці, этычнае выкарыстанне тэхналогій.
- Адукацыя для сацыяльнай справядлівасці – інклюзія, роўнасць і правы чалавека.
- Адукацыя дарослых і нефармальнае навучанне – развіццё грамадзянскай кампетэнтнасці.
У аснове ўсіх напрамкаў – міждысцыплінарнасць (інтэграцыя ведаў з розных сфер).
Цэнтр ужо мае патэнцыял для запуску праграм у сферы нефармальнай адукацыі, але для іншых напрамкаў (адукацыйная палітыка, даследаванні ШІ, трансфармацыйныя даследаванні) патрэбныя эксперты, міжнародныя партнёрствы і далейшая распрацоўка метадалогій.
Планы і наяўныя актыўнасці
- Распрацаваная двухгадовая магістарская праграма «Крытычная грамадзянская адукацыя: педагагічныя стратэгіі працы з маладымі дарослымі» (120 ECTS, 4 семестры, гібрыдны фармат, выкладанне на англійскай, беларускай і польскай мовах). Праграма арыентаваная на педагогаў з грамадзянскіх ініцыятыў, актывістаў і даследчыкаў, а таксама на рэгіянальных спецыялістаў у сферы грамадзянскай адукацыі.
- Распрацаваная праграма ўнутрыўніверсітэцкага семінара «Контуры ўніверсітэта: тэорыя і практыка» (2025–2026) для асэнсавання ролі нацыянальнага ўніверсітэта ў замежжы.
- Найбліжэйшы этап (восень 2025 – вясна 2026): фарміраванне даследчага поля, наладжванне партнёрстваў, пілотны запуск навучальных праграм.
Фарматы працы і ўзаемадзеяння
- Партысыпатыўная ідэнтыфікацыя прыярытэтаў (фокус-групы, семінары, дыялогі з супольнасцямі).
- Супрацоўніцтва з міжнароднымі экспертамі і акадэмічнымі інстытутамі.
- Аналітычныя даследаванні, семінары, адкрытыя лекцыі.
- Дыялог з беларускімі адукацыйнымі супольнасцямі.
- Аналіз неадкладных патрэб беларускай грамадзянскай адукацыі.
Магчымасці для партнёрства
- Сумесныя даследаванні і адукацыйныя ініцыятывы.
- Канферэнцыі і адкрытыя дыскусіі.
- Удзел у вызначэнні прыярытэтных тэм для даследаванняў.
Цэнтр філасофскіх даследаванняў
Кароткая форма: Цэнтр філасофіі
Заснавальнікі і прадстаўнікі
- Ігар Падпорын – кандыдат філасофскіх навук, дацэнт
- Пётр Рудкоўскі – Ph.D. (Варшаўскі ўніверсітэт)
- Андрэй Лаўрухін – кандыдат філасофскіх навук, дацэнт
- Павел Баркоўскі – кандыдат філасофскіх навук, дацэнт (Інстытут філасофіі і сацыялогіі ПАН)
Цэнтр філасофскіх даследаванняў Універсітэта Валовіча аб’ядноўвае навукоўцаў, якія працуюць на скрыжаванні філасофіі, гуманітарных і сацыяльных навук. Асноўны фокус – крытычны аналіз сучасных ведаў і культурных парадыгм, даследаванне праблем свядомасці, ідэнтычнасці, этыкі і палітыкі, а таксама рэфлексія над роляй філасофіі ў грамадскіх і тэхналагічных пераменах.
Даследчыя і адукацыйныя напрамкі
- Эпістэмалогія і кагнітывістыка.
- Палітычная філасофія і крытычная тэорыя.
- Даследаванні ідэнтычнасці.
- Гісторыя ідэй.
- Біяэтыка і сучасныя тэхналогіі.
- Сучасная крытыка мастацтва.
Цэнтр спалучае класічныя і сучасныя філасофскія падыходы, асаблівую ўвагу надаючы інтэлектуальнай сітуацыі Беларусі ў рэгіянальным і глабальным кантэксце. Прыярытэты:
- Сучасныя эпістэмалагічныя даследаванні: рэканструкцыя і праектаванне сацыяльных і культурных перадумоў ведаў і сэнсаў, сацыялогія пазнання.
- Крытычнае мысленне: логіка і аргументацыя як інструменты дэідэалагізацыі і дэміфалагізацыі свядомасці даследчыкаў.
- Кагнітыўныя даследаванні: праблемы свядомасці і рацыянальнасці ў кантэксце постгуманізму, трансгуманізму і развіцця ШІ.
- Сучасная крытыка і герменеўтыка мастацтва: фенаменалогія і новая анталогія творчай дзейнасці, абгрунтаванне новых мастацкіх практык.
- Палітычная філасофія і крытычная тэорыя: даследаванні таталітарызму, аўтарытарызму і грамадстваў у стане крызісу; сучасныя тэорыі салідарнасці і ўдзелу.
- Філасофія правоў чалавека і этыка клопату: крытычны перагляд тэорый дэмакратыі і справядлівасці, інклюзіўнасць і клопат як аснова новай сацыяльнай дамовы.
- Біяэтыка і біяпалітыка: маральныя аспекты тэхналогій, уплыў экалагічных і тэхналагічных фактараў на грамадства, праблема «футурашоку».
- Гісторыя ідэй: інтэлектуальная гісторыя Беларусі і рэгіёна ў глабальным кантэксце, прыярытэт XVIII–XXI ст.
- Даследаванні ідэнтычнасці: сучасныя тэорыі нацыяналізму і глабалізацыі, посткаланіяльныя і постнацыянальныя штудыі, крытыка канцэпцый імперыялізму і дэкаланізацыі.
Планы і наяўныя актыўнасці
- Падрыхтавана першая версія магістарскай праграмы «Эпістэмалогія і сацыяльная крытыка», а таксама некалькі падрыхтоўчых курсаў для нулявога ўзроўню навучання.
- Сфарміраваная праграма публічных лекцый.
- У найбліжэйшы час плануецца запуск курсаў і лекцый.
Доўгатэрміновыя мэты:
- Філасофскае асэнсаванне працэсаў беларускага нацыянальнага развіцця.
- Стварэнне і папулярызацыя ключавых канцэптаў беларускай філасофскай думкі.
- Выпрацоўка беларускай філасофскай тэрміналогіі.
- Папулярызацыя вынікаў філасофскіх даследаванняў у публічнай прасторы.
- Развіццё міждысцыплінарных напрамкаў, улічваючы нацыянальныя і глабальныя патрэбы.
- Стварэнне беларускамоўнай філасофскай супольнасці і супрацоўніцтва з міжнароднымі акадэмічнымі асяродкамі.
Фарматы працы і ўзаемадзеяння
- Даследаванні па прыярытэтных кірунках.
- Магістарскія і падрыхтоўчыя адукацыйныя праграмы.
- Публічныя лекцыі і інтэрактыўныя семінары.
- Супрацоўніцтва з іншымі цэнтрамі і праектамі.
Магчымасці для партнёрства
- Сумесныя даследаванні.
- Сумесныя магістарскія і доктарскія праграмы.
- Канферэнцыі, семінары, ўоркшопы, творчыя лабараторыі.
- Кансультацыі па сучасных філасофскіх пытаннях і іх сувязі з тэхналагічнымі і сацыяльнымі працэсамі.
- Магчымасць замоў на даследаванні ў межах акадэмічнага профілю цэнтра.
Цэнтр антрапалогіі і этналогіі
Кароткая форма: Цэнтр антрапалогіі
Заснавальнік і публічны прадстаўнік Цэнтра – Уладзімір Лобач, доктар гістарычных навук, дацэнт.
Цэнтр антрапалогіі і этналогіі Універсітэта Валовіча засяроджаны на даследаванні культуры Беларусі ў яе гістарычнай дынаміцы і сучасных зменах. Асаблівая ўвага надаецца праблемам ідэнтыфікацыі, памяці, міжэтнічных узаемаадносін і гарадскіх трансфармацый у еўрапейскім кантэксце.
Даследчыя і адукацыйныя напрамкі
- Посткаланіяльная гісторыя этнаграфіі і этналогіі Беларусі.
- Паўсядзённая культура Беларусі.
- Культура памяці Беларусі.
- Рэгіянальныя і лакальныя даследаванні Беларусі.
- Антрапалогія вайны (акупацыі) як альтэрнатыва афіцыйнаму наратыву “Вялікай Айчыннай вайны”.
- Антрапалогія беларускага культурнага ландшафту: традыцыйныя элементы і сучасныя формы, іх уплыў на ідэнтычнасць.
- Міжэтнічныя стасункі ў гісторыі і сучаснасці: культурныя практыкі ў Беларусі на фоне еўрапейскага досведу.
- Антрапалогія беларускага гораду: эвалюцыя вясковага этнасу ў гарадскую нацыю.
- Фальклорны і этнамузычны ландшафт Беларусі.
Галіны навук
Этнаграфія, этналогія, сацыяльная і культурная антрапалогія, фалькларыстыка, гісторыя, культурная геаграфія, семіётыка.
Прыярытэтныя даследчыя праблемы
- Актуальныя праблемы сацыяльнай і культурнай антрапалогіі і этналогіі.
- Посткаланіяльная гісторыя беларускай этнаграфіі і этналогіі.
- Метады і прынцыпы палявых даследаванняў.
- Семіётыка беларускага культурнага ландшафту.
- Антрапалогія беларускага гораду.
- Антрапалогія вайны і акупацыі.
Планы і наяўныя актыўнасці
- Распрацаваны цыкл публічных лекцый па этнаграфіі Беларусі, антрапалогіі акупацыі, тэорыі сацыяльнай і культурнай антрапалогіі, абрадавым фальклоры і этнамузыкалогіі.
- У найбліжэйшы час: рэалізацыя публічных лекцый у фармаце анлайн і афлайн.
- Доўгатэрміновыя мэты: навукова-метадычная канферэнцыя «Беларуская этналогія ў ХХІ ст.», распрацоўка падрыхтоўчых і магістарскіх курсаў па тэматыцы цэнтра.
Фарматы працы і ўзаемадзеяння
- Навуковыя даследаванні па прыярытэтных тэматыках.
- Міждысцыплінарныя праекты з удзелам іншых цэнтраў Універсітэта Валовіча і акадэмічных асяродкаў Еўропы.
- Удзел у супольных семінарах, канферэнцыях і іншых навуковых мерапрыемствах.
- Публікацыя вынікаў даследаванняў у фармаце артыкулаў і манаграфій.
Магчымасці для партнёрства
Цэнтр падтрымае ўсе рэлевантныя формы міждысцыплінарнага супрацоўніцтва.
Цэнтр даследаванняў міжнародных адносін
Кароткая форма: Цэнтр міжнародных адносін
Цэнтр створаны па ініцыятыве беларускіх і замежных даследчыкаў міжнародных адносін. Публічная прадстаўніца Цэнтра – Роза Турарбекава, кандыдатка гістарычных навук, дацэнтка.
Цэнтр даследаванняў міжнародных адносін – міждысцыплінарнае навукова-адукацыйнае падраздзяленне Універсітэта Валовіча. Ён займаецца даследаваннямі і навучаннем у сферы міжнародных адносін, абавязкова ўключаючы ў гэты кантэкст Рэспубліку Беларусь.
Дзейнасць Цэнтра забяспечваюць спецыялізаваныя даследчыя групы:
Беларусь у сістэме міжнародных адносін
- Вестфальская сістэма міжнародных адносін, дынаміка еўрапейскага і глабальнага парадку.
- Тэорыя і практыка міжнародных адносін.
- Сацыялогія і антрапалогія міжнародных адносін.
- Месца і роля Беларусі і беларусаў у еўрапейскай і сусветнай гісторыі.
Глабальная і рэгіянальная бяспека
- Міждзяржаўныя рэальныя і патэнцыйныя канфлікты як пагроза для Беларусі.
- Механізмы ўрэгулявання міжнародных канфліктаў.
- Ваенна-палітычныя саюзы і выбар Беларусі.
European studies vs Belarusian studies
- Беларусь як неад’емная частка Еўропы (гістарычнае, культурнае і іншыя вымярэнні).
- Узаемадзеянне Беларусі з ЕС, еўрапейскімі краінамі і агульнаеўрапейскімі арганізацыямі.
- Сувязі метраполіі з беларускімі супольнасцямі за мяжой.
Рэгіянальныя падсістэмы міжнародных адносін
- Палітычныя і эканамічныя працэсы ў Кітаі.
- Паўднёва-Усходняя Азія.
- Еўразія.
- Еўрапейскі саюз (Цэнтральная, Паўднёвая і Паўночная Еўропа).
- Бліжні Усход.
- Лацінская Амерыка.
- Афрыка і іншыя рэгіёны.
Міжнародная камунікацыя і інфармацыя
- Арганізацыя знешніх сувязей універсітэта.
- Падрыхтоўка і рэалізацыя міжнародных праектаў.
- Дыпламатычны і дзелавы пратакол і этыкет.
- Падрыхтоўка, апрацоўка і распаўсюджванне міжнароднай інфармацыі.
- Праграмна-інфармацыйныя метады працы з міжнароднай інфармацыяй.
Планы і наяўныя актыўнасці
- Распрацаваны праект двухгадовай магістарскай праграмы «Міжнародныя адносіны» (120 ECTS, 4 семестры, навукова-практычны профіль, мовы выкладання – беларуская і англійская).
- Падрыхтаваны цыкл публічных лекцый па тэматыцы працы Цэнтра (будуць рэалізаваныя ў фармаце анлайн і афлайн).
- Прадстаўнікі Цэнтра ўдзельнічаюць у арганізацыі традыцыйнага беларуска-польскага «Круглага стала» па двухбаковых адносінах на базе Вроцлаўскага ўніверсітэта (снежань 2024, кастрычнік 2025).
- Цэнтр з’яўляецца каардынатарам падрыхтоўкі Валовіч-Форуму, запланаванага на вясну 2026 года.
- Цэнтр супрацоўнічае з Інстытутам міжнародных даследаванняў і бяспекі Вроцлаўскага ўніверсітэта (Польшча), а таксама з іншымі ўніверсітэтамі Польшчы, Германіі і Злучанага Каралеўства.
Магчымасці для партнёрства
- Сумесныя магістарскія і доктарскія праграмы з падвойнымі дыпломамі.
- Удзел замежных выкладчыкаў у навучальным працэсе і абаронах дысертацый.
- Сумесныя навуковыя даследаванні і публікацыі.
- Правядзенне міжнародных канферэнцый, семінараў, варкшопаў.
- Арганізацыя навуковых стажыровак.
Цэнтр эмпірычнай сацыялогіі
Заснавальнік і публічны прадстаўнік Цэнтра – Андрэй Вардамацкі, доктар сацыялагічных навук, прафесар.
Цэнтр эмпірычнай сацыялогіі Універсітэта Валовіча засяроджаны на сістэмным маніторынгу грамадскай думкі, выкарыстанні сучасных колькасных і якасных метадаў даследавання, а таксама распрацоўцы новых падыходаў да вывучэння беларускай ідэнтычнасці, геапалітычных арыентацый і сацыяльных трансфармацый.
Даследчыя і адукацыйныя напрамкі
- Маніторынг грамадскай думкі з выкарыстаннем рэпрэзентатыўных CATI-метадаў.
- Геапалітычныя арыентацыі беларусаў: шматмернае вымярэнне, мадэлі «хард-чойс» і «софт-чойс», тыпы геакааперацыі.
- Дынаміка беларускай ідэнтычнасці: роля нацыянальнай мовы, характару, адрозненне ад расійскай ідэнтычнасці, фактар «трыадзінага народа».
- Стаўленне беларусаў да вайны ва Украіне: ацэнка ролі Беларусі, адказнасць, перспектывы і фактары суперажывання.
- Феномены: «новая нармальнасць», рэсаветызацыя, псеўдапатрыятызм, жыццё без вобразу будучыні.
- Сацыялагічная аксіяметрыя: даследаванне каштоўнасных вымярэнняў грамадства, фактары рэзістэнтнасці і падатлівасці.
- Міждысцыплінарныя даследаванні: гістарычныя параўнанні, сацыяльная псіхалогія і калектыўнае падсвядомае, культурныя і аксіяметрычныя вымярэнні.
Планы і наяўныя актыўнасці
- Запуск праграмы рэгулярнага маніторынгу грамадскай думкі.
- Публікацыя штогадовых аналітычных дакладаў пра стан і дынаміку беларускага грамадства.
- Цыкл адкрытых лекцый і семінараў па сучасных метадах сацыялагічных даследаванняў.
- Распрацоўка адукацыйных модуляў для магістарскіх праграм і даследчых школ універсітэта.
Фарматы працы і ўзаемадзеяння
- Палявыя даследаванні: колькасныя і якасныя.
- Публічныя прэзентацыі вынікаў, адкрытыя лекцыі і дыскусіі.
- Супрацоўніцтва з іншымі цэнтрамі ўніверсітэта, міжнароднымі акадэмічнымі і экспертнымі асяродкамі.
Магчымасці для партнёрства
- Сумесныя даследчыя праекты і маніторынгі.
- Замовы і экспертныя кансультацыі.
- Супольныя адукацыйныя і камунікацыйныя ініцыятывы.
Цэнтр сацыялагічных даследаванняў
Кароткая форма: Цэнтр сацыялогіі
Заснавальнікі і публічныя прадстаўнікі
- Генадзь Коршунаў – кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт.
- Алена Шкурова – доктарка сацыялагічных навук, дацэнтка.
Цэнтр сацыялагічных даследаванняў Універсітэта Валовіча аб’ядноўвае даследчыкаў, якія працуюць над вывучэннем дынамікі беларускага грамадства ў шырокім міжнародным і міждысцыплінарным кантэксце.
Місія Цэнтра – стварыць незалежную платформу для аб’ектыўных сацыялагічных даследаванняў беларускага грамадства, спрыяючы яго развіццю праз навуковы аналіз, адукацыю і рэкамендацыі для палітыкі. Візія – стаць адным з вядучых цэнтраў у Цэнтральна-Усходняй Еўропе па вывучэнні сацыяльных трансфармацый з фокусам на беларускай дыяспары і лічбавай сферы, інтэгруючы глабальныя стандарты і лакальныя патрэбы.
Даследчыя і адукацыйныя напрамкі
- Нацыянальнае і дзяржаўнае будаўніцтва.
- Сацыяльныя трансфармацыі і рэвалюцыйныя рухі.
- Сацыялогія міграцыі і дыяспары.
- Лічбавая прастора і інфармацыйная сфера.
- Сацыяльная стратыфікацыя і нераўнасць.
- Экалагічныя сацыяльныя даследаванні.
- Сацыялогія грамадскага меркавання і камунікацыі.
- Міждысцыплінарныя даследаванні.
- Сацыяльна-псіхалагічныя даследаванні.
Задачы
- Арганізацыя акадэмічна ўзважаных даследаванняў стану і дынамікі беларускага грамадства (у Беларусі і за яе межамі).
- Вывучэнне і асэнсаванне працэсаў развіцця грамадства і дзяржавы ў гістарычнай перспектыве.
- Паглыбленне прафесійных сацыялагічных кампетэнцый даследчыкаў, засваенне і адаптацыя сучасных метадаў.
- Падвышэнне кампетэнцый працы з сацыялагічнымі данымі для экспертаў, журналістаў, палітычных і грамадскіх дзеячаў; пашырэнне кола «кваліфікаваных спажыўцоў» сацыялагічнай інфармацыі.
- Развіццё міжнароднага супрацоўніцтва з сацыялагічнымі інстытутамі і экспертамі з іншых краін.
- Інтэграцыя сацыялогіі з іншымі дысцыплінамі (псіхалогія, эканоміка, паліталогія) для комплексных праектаў.
- Публікацыя і папулярызацыя вынікаў даследаванняў праз навуковыя выданні, канферэнцыі і СМІ.
- Фарміраванне рэкамендацый для палітыкі і грамадскіх ініцыятыў.
- Забеспячэнне этычных стандартаў, стварэнне банка даных і архіва даследаванняў.
- Абараніць незалежнасць даследаванняў ад палітычнага ўплыву праз партнёрствы з міжнароднымі арганізацыямі (напрыклад, ESA).
- Стварэнне сістэмы прафесійнай сацыялагічнай адукацыі.
Фарматы працы і ўзаемадзеяння
- Сацыялагічныя і міждысцыплінарныя даследаванні.
- Адукацыйныя семінары і публічныя лекцыі.
- Супольныя праекты з НДА і акадэмічнымі інстытутамі.
Магчымасці для партнёрства
- Даследчыя замовы.
- Экспертная падтрымка.
- Супольныя ініцыятывы.