Skip to main content

Прастора для тых, хто хоча думаць пра Беларусь, дзейнічаць для Беларусі і разам фарміраваць яе будучыню

Беларускія інтэлектуалы ў эміграцыі ствараюць універсітэт для магістрантаў і дактарантаў, зацікаўленых у акадэмічных свабодах і міждысцыплінарнай даследчай працы з беларускім кантэкстам і на беларускай мове

Місія Універсітэта Валовіча

Стварыць адкрытую прастору для мыслення, заснаванага на прынцыпах акадэмічнай свабоды, еўрапейскіх каштоўнасцях і правах чалавека, умацаваць беларускую ідэнтычнасць і традыцыі мультыкультуралізму, садзейнічаць дэмакратычнаму развіццю беларускага грамадства і пашырэнню яго акадэмічнага, інтэлектуальнага і культурнага патэнцыялу.

Нашыя каштоўнасці:

Свабода мыслення, выкладання і даследаванняў
Беларуская мова, культура і адкрытасць да свету
Непарыўнасць выкладання і даследаванняў
Супольнасць і дэмакратыя
Роўны доступ і інклюзіўнасць
Адукацыя на працягу жыцця
Інтэграцыя ў еўрапейскую даследчую прастору
Пашырэнне беларускай думкі і даследаванняў у свеце

Патрон Універсітэта: Астафей Валовіч

Астафей Валовіч – дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага XVI стагоддзя, прыхільнік адукацыі, права і гуманізму. Ён удзельнічаў у падрыхтоўцы другога і трэцяга Статутаў ВКЛ (1566 і 1588) і быў сярод тых, чыя ініцыятыва прывяла да заснавання Віленскага ўніверсітэта, фінансаваў друкарню ў Нясвіжы. У завяшчанні вызваліў сваіх падданых ад прыгону – нетыповы жэст для таго часу.

Адкрыты ліст


Адкрыты ліст у падтрымку стварэння Беларускага даследчага ўніверсітэта падпісалі больш за 60 прадстаўнікоў міжнароднай акадэміі і грамадзянскай супольнасці.

Сярод іх – Святлана Алексіевіч, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры, Наталля Пінчук, жонка лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, Стэфан Эрыксан, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі, Адам Міхнік, галоўны рэдактар Gazeta Wyborcza, вучоныя з ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Германіі, Аўстрыі, Нарвегіі, Бельгіі, Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі.

Аўтары адкрытага ліста заклікалі да шырокага супрацоўніцтва з камандай стваральнікаў і падтрымкі праекта на ўзроўні дзяржаў і фондаў.

Адкрываем магчымасці і працуем на вынік – разам

Мы ствараем Універсітэт у партнёрстве – з арганізацыямі, якія падзяляюць нашы каштоўнасці і гатовыя дзейнічаць на карысць будучыні Беларусі. Нам важныя партнёрскія сувязі з тымі, для каго адукацыя, акадэмічная свабода і адказнасць перад грамадствам – не проста словы.

Мы адкрытыя да супрацоўніцтва, якое падтрымлівае выкладчыкаў і навучэнцаў, дапамагае запускаць адукацыйныя праграмы, звязаныя з дэмакратыяй, гісторыяй і сучаснасцю Беларусі, праводзіць міждысцыплінарныя даследаванні ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук, ствараць публічныя ініцыятывы для асветы і прадстаўлення беларускай перспектывы на міжнародных пляцоўках.

Мы верым, што такія партнёрствы ўмацоўваюць і Універсітэт, і тых, хто яго падтрымлівае.

Актуаліі

25.08.2025

Прайшла стратэгічная сесія па стварэнні Беларускага даследчага ўніверсітэта

У лютым 2025 года на працягу трох дзён удзельнікі стратэгічнай сесіі ў Аўгустове…

25.08.2025

Распрацаваны брэндбук Універсітэта Валовіча


Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча атрымаў уласны брэндбук – візуальны і сэнсавы вобраз …


25.08.2025

Беларускі даследчы ўніверсітэт атрымаў падтрымку

У апытанні прынялі ўдзел беларусы ў краіне і за мяжой, пераважная большасць выступіла “за”…

Як далучыцца?

Калі вы хочаце далучыцца да праекта, прапанаваць ідэю, падтрымаць або стаць часткай каманды — напішыце нам.

Што важна ведаць? (Папулярныя пытанні / FAQ)

Што такое Універсітэт Валовіча?

Гэта незалежны беларускі даследчы ўніверсітэт, які ствараюць інтэлектуалы і навукоўцы ў выгнанні. Ён будзе арыентаваны на акадэмічныя свабоды, сучасныя еўрапейскія стандарты і беларускую праблематыку, прапаноўваючы магістарскія і дактаранцкія праграмы.

Чым ён будзе адрознівацца ад іншых адукацыйных праектаў?


Будучы ўніверсітэт атрымае выразны даследчы профіль: акцэнт будзе зроблены не толькі на перадачы ведаў, але і на іх стварэнні. Плануецца навучанне магістрантаў і дактарантаў у цеснай сувязі з даследаваннямі аб Беларусі, для Беларусі і беларусаў, на беларускай мове, найперш сацыяльна-гуманітарнымі і міждысцыплінарнымі.



Хто і навошта стварае гэты ўніверсітэт?

Універсітэт ініцыявалі беларускія навукоўцы і выкладчыкі ў выгнанні. Яны аб’ядналіся, каб адказаць на выклікі часу і стварыць сучасную акадэмічную інстытуцыю, якая развівае беларускую навуку, рыхтуе новае пакаленне даследчыкаў і ўносіць беларускую перспектыву ў глабальную інтэлектуальную прастору.



Чаму ўніверсітэт атрымаў імя Астафея Валовіча?


Астафей Валовіч быў дзяржаўным дзеячом ВКЛ XVI стагоддзя, які выступаў за падтрымку адукацыі, асветы, кнігадрукавання і быў сярод тых, чыя ініцыятыва прывяла да заснавання Віленскага ўніверсітэта. Яго імя сімвалізуе спалучэнне нацыянальнай адказнасці, еўрапейскага мыслення і культурнай адкрытасці, што закладзена ў місіі новага ўніверсітэта.



Хто зможа вучыцца ва Універсітэце?

Праграмы будуць адкрыты для беларусаў і беларусак з розных краін, а таксама для ўсіх, каму цікавыя беларуская мова, культура і даследаванні пра Беларусь у еўрапейскім кантэксце. Далучацца змогуць студэнты і даследчыкі з любым грамадзянствам, калі яны падзяляюць каштоўнасці і акадэмічныя прынцыпы ўніверсітэта.



Дзе будзе знаходзіцца ўніверсітэт?

Аргкамітэт рыхтуе рэгістрацыю ўніверсітэта ў Польшчы. Універсітэт будзе дзейнічаць у Еўропе ў гібрыдным фармаце – анлайн і афлайн, а дакладныя месцы афлайн-актыўнасцей будуць абвешчаныя пазней.