Нацыянальны ўніверсітэт для Беларусі: пошукі будучыні
Размова з філосафам Паўлам Баркоўскім
У часопісе Wschodnioznawstwo выйшаў артыкул Паўла Баркоўскага, прысвечаны спробам стварэння нацыянальнага ўніверсітэта для Беларусі ў 2000–2024 гадах. У тэксце згадваецца і ініцыятыва Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча.
Мы пагаварылі са спадаром Паўлам пра тое, з чаго ўсё пачыналася і чаму многія праекты так і не сталі паўнавартаснымі ўніверсітэтамі.
Спадар Павел, з чаго пачынаўся шлях да нацыянальнага ўніверсітэта для Беларусі і якія ініцыятывы тут варта найперш згадаць?
«З незадаволенасці тым, як працуе афіцыйная сістэма. З’яўляліся ініцыятывы, якія хацелі думаць пра ўніверсітэт не як пра фабрыку дыпломаў, а як пра прастору крытычнага мыслення: ЕГУ, Лятучы ўніверсітэт, Беларускі калегіюм, пазней ECLAB, універсітэт Ніла Гілевіча…
Гэта былі розныя формы пошуку альтэрнатывы, але ўсе яны круціліся вакол адной патрэбы. Часта гэта быў адказ на крызіс сістэмы адукацыі, але не заўсёды гэтыя спробы мелі амбіцыю стаць агульнанацыянальным праектам – у сэнсе адпаведнасці інтарэсам беларускага грамадства».
Чаму Лятучы ўніверсітэт, ECLAB і Беларускі калегіюм вы называеце «протаўніверсітэцкімі праектамі»?
«Іх сіла – у свабодзе. Яны маглі эксперыментаваць, гаварыць пра тое, пра што ў афіцыйных ВНУ маўчалі, працаваць без ідэалагічнага кантролю. Але менавіта гэта і было іх слабасцю: не было ні трывалага юрыдычнага статусу, ні стабільных рэсурсаў, ні магчымасці доўга развівацца як інстытуцыя.
У Беларусі ўвогуле было цяжка заснаваць прыватны ўніверсітэт, а тым больш спадзявацца на яго акадэмічную аўтаномію. Таму часцей гэта выглядала як “гульня ва ўніверсітэт”, а не рэальная магчымасць яго рэалізацыі».
Чаму Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт так і не стаў узорным нацыянальным універсітэтам?
«На жаль, БДУ так і не здолеў паспяхова інтэгравацца ў сусветную навуку, нягледзячы на свой маштаб. Яго скіраванасць засталася пераважна постсавецкай, з моцным цэнтрам прыцягнення ў выглядзе расійскай акадэмічнай прасторы.
Ён не стаў нацыянальным і ў моўным сэнсе: асноўнай мовай навучання амаль ва ўсе перыяды заставалася расійская. Акрамя таго, развіццё навуковых даследаванняў доўгі час знаходзілася пад ціскам ідэалагічных установак, што супярэчыць прынцыпам акадэмічнай аўтаноміі, замацаваным у Вялікай хартыі ўніверсітэтаў».
Асобна вы згадваеце ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча. Што паказаў гэты кейс?
«Што нават асцярожная спроба стварыць беларускамоўны ўніверсітэт унутры краіны была палітычна непрымальнай. Праект меў моцны сімвалічны сэнс, але не меў шанцаў на ўстойлівае развіццё ў тых умовах.
Палітыка беларускіх улад не спрыяла з’яўленню нацыянальна арыентаваных і незалежных акадэмічных праектаў, бо бачыла ў іх пагрозу свайму дамінаванню. У выніку гэта замацоўвала беларускую ўніверсітэцкую прастору ў статусе рэгіянальнай, расійскамоўнай акадэмічнай перыферыі».
За што, на ваш погляд, найперш варта цаніць досвед ЕГУ?
«ЕГУ – гэта, безумоўна, самы доўгатэрміновы і інстытуцыйна ўстойлівы беларускі незалежны акадэмічны праект, які ўжо доўгі час існуе па-за межамі краіны. Ён захаваў ідэю незалежнай універсітэцкай прасторы для беларусаў у момант, калі ўнутры Беларусі гэта стала практычна немагчыма.
Для часткі беларускіх студэнтаў ЕГУ на працягу многіх гадоў быў акном у заходнюю акадэмію і дэманстраваў іншы стандарт навучання, чым у Беларусі, – праўда, пераважна на расійскай мове».
Трансфармацыя ЕГУ ў больш рэгіянальны і міжнародны праект была адаптацыяй ці стратай першапачатковай ідэі?
«Я б хутчэй казаў пра адаптацыю. ЕГУ ад пачатку пазіцыянаваў сябе як спробу інтэграваць еўрапейскі падыход да вышэйшай адукацыі ў беларускую акадэмічную прастору. Каб выжыць і развівацца ў літоўскай і еўрапейскай акадэмічнай прасторы, універсітэт быў вымушаны змяняцца.
Гэта не абавязкова адмова ад першапачатковай ідэі, але зрух акцэнтаў у бок больш шырокай, рэгіянальнай місіі. Гэта ж паўплывала і на стратэгію прыцягнення студэнтаў, і на моўную палітыку: аўдыторыя ЕГУ – пераважна расійскамоўныя абітурыенты з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы і краін Балтыі».
У эміграцыі, пасля 2020 года, сталі прыкметнымі Беларуская акадэмія і Вольны беларускі ўніверсітэт. Што яны далі нашай супольнасці – і дзе іх аб’ектыўная мяжа?
«Яны выратавалі людзей і веды. Далі магчымасць працягваць выкладанне, навучанне, акадэмічную працу. Яны звярнуліся да важных тэм для выхавання беларускай грамадзянскай супольнасці.
Але іх мяжа – фармальная: яны вымушаны знаходзіцца ў чужых рамках – і таму не могуць цалкам выконваць ролю выключна беларускага ўніверсітэта. Часцей за ўсё гэта або ўбудаванне ў праграмы падрыхтоўкі кадраў у Польшчы, або паслядыпломная адукацыя без стварэння моцных навуковых асяродкаў».
Пераходзячы да Універсітэта Валовіча: якія абмежаванні папярэдніх праектаў тут, на ваш погляд, прынцыпова ўлічваюцца?
«Найперш – ілюзія, што можна абысціся без інстытуцыйнай логікі. Тут адразу закладаецца доўгая перспектыва: структура, місія, акадэмічныя правілы і разуменне, што ўніверсітэт – гэта марафон.
Галоўная задача – спалучыць еўрапейскі акадэмічны досвед і інтэграцыю ў заходняе інтэлектуальнае асяроддзе з вырашэннем уласна беларускіх задач: стварыць уплывовы цэнтр рэгіянальных даследаванняў, фабрыку ведаў і экспертызы, моцны падмурак беларускай ідэнтычнасці і сістэму падрыхтоўкі спецыялістаў для будучых рэформ – фактычна свой беларускі Ель ці Гарвард».
Калі глядзець на ўвесь гэты досвед, што будзе самым складаным выпрабаваннем для Універсітэта Валовіча на практыцы?
«Захаваць баланс паміж ідэяй і рэальнасцю: не страціць каштоўнасці, але і не застацца толькі ў сімвалічным полі. І, канешне, даказаць, што праект здольны жыць доўга, а не трымацца на энтузіязме некалькіх людзей.
Паспяховыя прыклады ўніверсітэтаў, якія ствараліся ў эміграцыі і пасля вярталіся ў сваю краіну, натхняюць. Але для поспеху недастаткова энтузіязму пачатковай каманды — патрэбная шырокая кансалідацыя розных арганізацый і груп, гатовых яго падтрымаць».