Алесь Бяляцкі падпісаў адкрыты ліст у падтрымку стварэння Універсітэта Валовіча
Праваабаронца, кіраўнік Праваабарончага цэнтра «Вясна» і лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі далучыўся да ліку падпісантаў адкрытага ліста ў падтрымку стварэння Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча.
Раней адкрыты ліст сярод іншых падпісала жонка Алеся Бяляцкага, даследчыца, журналістка і праваабаронца Наталля Пінчук. На той момант Алесь Бяляцкі знаходзіўся ў зняволенні ў Беларусі і не меў магчымасці асабіста падтрымаць ініцыятыву. Цяпер, пасля вызвалення і прымусовай дэпартацыі з Беларусі, ён далучыўся да ліку падпісантаў.
На сёння адкрыты ліст у падтрымку Універсітэта Валовіча падпісалі больш за 60 прадстаўнікоў і прадстаўніц міжнароднай акадэмічнай, інтэлектуальнай і грамадзянскай супольнасці. Сярод іх – нобелеўскія лаўрэаты Алесь Бяляцкі і Святлана Алексіевіч, прафесарка гісторыі Марсі Шор і прафесар філасофіі Джэйсан Стэнлі, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, галоўны рэдактар Gazeta Wyborcza Адам Міхнік, старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі ў выгнанні Івонка Сурвіла, украінскі гісторык Яраслаў Грыцак, а таксама даследчыкі, выкладчыкі і эксперты з ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Германіі, Аўстрыі, Нарвегіі, Бельгіі, Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі.
У адкрытым лісце падкрэсліваецца неабходнасць стварэння незалежнай беларускай даследчай інстытуцыі ў Еўропе, здольнай аб’яднаць беларускую акадэмічную супольнасць, якая апынулася ў выгнанні, і стаць платформай для даследаванняў, міжнароднага супрацоўніцтва і падрыхтоўкі новага пакалення беларускіх навукоўцаў.
«Для нас подпіс Алеся Бяляцкага – гэта не толькі падтрымка канкрэтнай адукацыйнай ініцыятывы, але і важны знак салідарнасці з беларускай акадэмічнай супольнасцю ў выгнанні і ўнутры Беларусі. Абсалютна неабходна стварыць адкрытую прастору для мыслення, заснаванага на прынцыпах акадэмічнай свабоды, еўрапейскіх каштоўнасцях і правах чалавека, умацаваць беларускую ідэнтычнасць і традыцыі мультыкультуралізму, садзейнічаць дэмакратычнаму развіццю беларускага грамадства і пашырэнню яго акадэмічнага, інтэлектуальнага і культурнага патэнцыялу. Значэнне беларускага ўніверсітэта для Беларусі цяжка пераацаніць – і мы павінны зрабіць усё, каб ён распачаў сваю паўнавартасную дзейнасць», — падкрэслівае аргкамітэт будучага ўніверсітэта.
Пра ініцыятыву
Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча на гэтым этапе развіваецца як акадэмічная ініцыятыва і праект, вакол якога створаная Асацыяцыя «Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча», зарэгістраваная ў Польшчы.
Праект задуманы як незалежны беларускі даследчы ўніверсітэт, які ў перспектыве мог бы дзейнічаць як вышэйшая навучальная ўстанова ў Польшчы. Яго мэта – не стварэнне яшчэ аднаго бакалаўрскага ўніверсітэта або выключна анлайн-праграмы, а фарміраванне даследчай інстытуцыі еўрапейскага ўзроўню, якая будзе спецыялізавацца на вытворчасці ведаў, даследаваннях і экспертнай дзейнасці найперш на беларускай мове, у розных галінах беларусазнаўства.
У планаванай мадэлі цэнтральнае месца займаюць навуковыя даследаванні, публікацыі, міжнародныя даследчыя праекты і супрацоўніцтва з акадэмічнымі партнёрамі. Адукацыйная дзейнасць арыентаваная найперш на магістарскія і дактаранцкія праграмы. Асноўнымі мовамі акадэмічнай працы вызначаныя беларуская і англійская.
Чаму ўзнікла такая ініцыятыва
Праект паўстаў як адказ на сістэмнае разбурэнне акадэмічнай свабоды ў Беларусі пасля 2020 года, вымушаную эміграцыю выкладчыкаў, даследчыкаў і студэнтаў, а таксама неабходнасць захавання беларускага інтэлектуальнага патэнцыялу.
За апошнія гады значная частка беларускай акадэмічнай супольнасці працягнула сваю працу ў еўрапейскіх і паўночнаамерыканскіх універсітэтах. Гэта адкрывае новыя магчымасці для міжнароднага супрацоўніцтва, але адначасова стварае рызыку страты агульнай беларускай даследчай прасторы.
Ініцыятары праекта зыходзяць з таго, што беларускія даследчыкі ў выгнанні – гэта не толькі супольнасць, якая патрабуе падтрымкі. Гэта таксама крыніца ведаў пра Беларусь, экспертнага досведу, міжнародных сувязяў і даследчых кампетэнцый, неабходных для разумення сучасных працэсаў і будучай трансфармацыі краіны.
Месца праекта ў беларускай адукацыйнай экасістэме
Праект не супрацьпастаўляе сябе існуючым беларускім адукацыйным ініцыятывам і не імкнецца дубляваць іх дзейнасць.
Мэта Беларускага даследчага ўніверсітэта імя Астафея Валовіча – стварыць асобны даследчы цэнтр беларускай навукі, адкрыты для супрацоўніцтва з універсітэтамі, даследчымі цэнтрамі, грамадзянскімі арганізацыямі і фондамі.
Што ўжо зроблена
На сёння вакол праекта:
● сфарміраваная супольнасць больш як 50 даследчыкаў;
● у Польшчы зарэгістраваная Асацыяцыя «Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча»;
● падрыхтаваныя канцэпцыя развіцця, стратэгічны і акадэмічны планы;
● праводзяцца адкрытыя лекцыі і публічныя дыскусіі;
● працуюць афіцыйны сайт і сацыяльныя сеткі праекта.
Наступны этап
Наступным этапам развіцця павінны стаць інстытуцыйная і палітычная падтрымка, партнёрствы з польскімі і міжнароднымі ўніверсітэтамі, а таксама прыцягненне фінансавання для запуску пілотнай фазы.
Адкрыты ліст
Адкрыты ліст застаецца адкрытым для новых подпісаў прадстаўнікоў акадэмічнай, экспертнай і грамадзянскай супольнасці.
Азнаёміцца з поўным тэкстам ліста можна на сайце Універсітэта Валовіча: valovic.university/open-letter
Каб далучыцца да адкрытага ліста, напішыце нам: admin@valovic.university